Я – Надзея, заснавальніца блога пра смачную ежу на роднай беларускай мове. Гатаваць я люблю з дзяцінства. Нават калі была маленькая, і мяне не падпускалі да пліты ці печы, я моўчкі назірала за працэсам, як мама і бабуля гатавалі, і чакала, калі ж наступіць той момант, калі мне дадуць паставіць чыгун у печ самой ці дазволяць пасмажыць дранікі на патэльні.
Нарэшце дачакалася. Дзяўчынка вырасла і вырашыла дзяліцца сваімі ведамі і знаходкамі з беларусамі праз кулінарны блог – Smačnaja Mova.
Мой прафесійны шлях не мае ніякага звязку з кулінарыяй, таму што з дзяцінства я любіла замежныя мовы, таму паводле адукацыі я – настаўніца ангельскай і французскай моў. Акрамя таго, ведаю італьянскую і літоўскую мову. Цікавы факт, што ў разумны тэрмін я магу вывучыць любую мову, акрамя нямецкай. Некалькі разоў пачынала яе вучыць і кожны раз усё заканчвалася парваным падручнікам граматыкі.
На кухні я нічога не рву і не б’ю, але дакладна ведаю, што з дрэнным настроем гатаваць лепей нават і не пачынаць, бо будзе не смачна і не прыгожа.
Мая місія
Я хачу, каб гэты блог стаў яшчэ адной з нешматлікіх прастораў, дзе жыве беларуская мова. Кухня і ежа – гэта нашае паўсядзённае жыццё, мы частуем адзін аднаго прысмакамі, мы каштуем розныя смакі і выбіраем нешта на свой густ, праз ежу нам адчыняецца амаль увесь свет.
У кожнай новай краіне, якую я наведваю, я намагаюся набыць кулінарную кнігу, рэцэпты якой потым ажываюць і на маёй кухні, у маім блозе. Таму я шчыра запрашаю вас прыяднацца да мяне і гатаваць разам. Праз любімыя рэцэпты вам адкрыецца і смак роднай мовы, які поўніцца водарамі мацярдушкі, чабору, валоскага арэху, дурніц, парэчак, аранжыкаў, агрэсту і ажын.