Малінавы пасэт
Не будзем чапаць соладавы эль ці херас, прапаную больш лагодны варыянт з шампанскім і малінай. Асцярожна, ад смакаты і лёгкасці можа закружыцца галава. Тое, што і трэба да дня ўсіх закаханых.
- 250 г маліны (можна замарожанай)
- 200 г вяршкоў 30%
- 3 ст.л. прасэка ці шампанскага
- 4 ст.л. карычневага цукру
Пакладзіце маліну ў блэндэр, дадайце прасэка (шампанскае) і добра ўзбіце. Працадзіце пюрэ праз сіта ці марлю (у мяне зручней і якасней атрымліваецца з марляй), каб не засталося костак ад маліны.
У невялікім рондалі злучыце вяршкі і цукар. Пастаўце на невялікі агонь і ўвесь час памешваючы, награвайце вяршкі, пакуль цукар не растопіцца. Пасля таго на моцным агні давядзіце да кіпення і кіпяціце 2 хвіліны.
Зніміце рондаль з агню, дадайце ў вяршкі малінавае пюрэ і перамяшайце, пакіньце астуджацца на 15 хвілін.
Разлійце пасэт у 2 невялікія формы і пакіньце астываць яшчэ на 30 хвілін.
Праз 30 хвілін можна ўпрыгожыць пасэт сушанай малінай ці крошкамі печыва. Пастаўце ў лядоўню на 2 гадзіны да поўнага застывання.