У чым сакрэт італьянскага панэтонэ?
Панэтонэ – гэта традыцыйны італьянскі пірог, які гатуюць звычайна на Каляды і Новы год. Нам, беларусам, ён больш нагадвае Велікодную булку, аднак гатуецца інакш. У перакладзе з італьянскай слова panettone азначае вялікі бохан хлеба, аднак па гусце і кансістэнцыі выпечка не нагадвае хлеб. Пірагі панэтонэ і іх паходжанне акружаны легендамі. Адна з іх абвяшчае, што духмяны і пышны пірог прыдумаў міланскі пекар, які падчас святаў вырашыў пасватацца да ўпадабанай прыгажуні.
Набыць такі пірог можна ў крамах, аднак, можна прыгатаваць і свой хатні духмяны панэтонэ. Ніжэй я прывяду некалькі парад, каб панэтонэ быў максімальна набліжаны да міланскага арыгіналу:
- Для гэтага пірага спатрэбіцца іншы тып мукі, а не звычайная пшанічная. Шукайце італьянскі тып 00 для выпечкі хлеба ці піцы. Калі вы яшчэ не знайшлі, пячыце з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку.
- Сухафрукты выбірайце па гусце. Яны будуць больш духмянымі, калі іх замачыць. Падыдзе ром, брэндзі або ліманчэла.
- Можна дадаць здробнены шакалад (чорны або белы).
- Ідэальна, калі ў вас ёсць форма для выпякання панэтонэ. Яны больш высокія і добра праграюцца . Перад святамі практычна ў кожным буйным гандлёвым цэнтры ёсць і папяровыя. Калі вы не можаце знайсці такую, падыдзе любая іншая з раздымнымі борцікамі. , але вы павінны выбраць не больш за 20 см у дыяметры.
- Важна не перапекчы панэтонэ, інакш пірог перасохне.
- Хтосьці пакрывае торт глазурай і пасыпае здробненым міндалем, хтосьці падае разам з гарачым шакаладам, лімонам або яечным крэмам.
- Італьянцы раяць астуджаць выпечаны пірог у перавернутым выглядзе – так ён лепш захоўвае форму і не згортваецца.
ЯК ГАТАВАЦЬ І ШТО СПАТРЭБІЦЦА
Складнікі:
- 420 г італьянскай мукі тыпу 00 або пшанічнай вышэйшага гатунку
- 7 г сухіх дрожджаў
- 50 г цукру
- 90 мл цёплага малака
- цэдра 1 памяранца і 1 лімона
- 3 яйкі
- дробка ваніліну
- 100 г масла
- 200 мл здробненых сухафруктаў
75 г здробненага шакаладу - 2 лыжкі вадкага мёду
- 50 мл рому ці лікёру
Гатаванне
Замачыце абраныя сухафрукты ў роме ці лікёры, пакіньце настойвацца.
Злучыце дрожджы, лыжку мукі і лыжку цукру, заліце цёплым малаком і перамяшайце. Накрыйце вечкам і пакіньце ў цёплым месцы на 10 хвілін.
У місцы змяшайце просеяную муку дробкай солі, цукрам, убіце яйкі, дадайце настояныя дрожджы, ванілін і замясіце цеста. Зручней за ўсё гэта рабіць электрычным міксерам. Цеста будзе мяккім, так і патрэбна. Накрыйце цеста харчавой плёнкай і пакіньце ў цёплым месцы на 3-4 гадзіны. Цеста павінна павялічыцца ўтрая.
Калі цеста павялічылася ў аб’ёме, вымешвайце цеста рукамі або міксерам на працягу 5 хвілін. Затым дадайце масла і працягвайце вымешваць, каб яно раўнамерна размеркавалася.Цеста будзе вельмі мяккім.Вымешвайце яшчэ некалькі хвілін, пры неабходнасці патроху дадайце 2-3 лыжкі мукі (але не болей), пакуль яно не стане эластычным.
Дадайце ў цеста замочаныя сухафрукты, шакалад і лёгка перамяшайце. Сфармуйце з цеста шар (або два маленькіх) і пакладзіце ў форму для запякання. Зверху памажце трохі малаком, накрыйе вечкам ці плёнкай і зноў пакіньце ўздымацца на 2-3 гадзіны.
Калі цеста паднялося, разрэжце яго крыж-накрыж і змажце яйкам. Пастаўце ў духоўку пры 170 °C. Выпякайце каля 30-50 хвілін. Час будзе залежаць ад таго, будзеце вы выпякаць адзін вялікі або некалькі меншых пірагоў. Праверце доўгай драўлянай шпажкай. Калі паверхня пірага пачынае запякацца занадта хутка, накрыйце фольгай.
Дастаньце панэтонэ з духоўкі і памажце верх сумессю мёда і масла (50х50). Выцягніце панэтонэ з формы і астудзіце на рашотцы ў перавёрнутым выглядзе. Калі выпякаеце ў папяровых формах, няхай яны ляжаць у іх.
Смачна есці! Buon appetito!